князь полацкі [1044—1101]. Сын полацкага кн.Брачыслава Ізяславіча. У 1060 удзельнічаў разам з Яраславічамі (Ізяславам, Святаславам, Усеваладам) у паходзе супраць качэўнікаў торкаў. Імкнуўся пашырыць Полацкае княства і адстойваў яго самастойнасць. У 1065 няўдала напаў на Пскоў, але здолеў разбіць войска наўгародскага кн. Мсціслава на р. Чарэха, пасля чаго ў 1066 захапіў Ноўгарад. вывез з Сафійскага сабора званы і інш. рэчы, а ч. горада спаліў. У Нямігскай бітве 1067 разбіты 3 братамі Яраславічамі, вераломна захоплены імі ў палон у час перагавораў каля Оршы і зняволены ў Кіеве. У час Кіеўскага паўстання 1068—69 вызвалены народам з цямніцы і 7 месяцаў быў вял. князем у Кіеве. У час паходу супраць былога вял.кн. Ізяслава У.Б. вярнуўся ў Полацк, але прагнаны адтуль Ізяславам. З войскам, набраным сярод фінскага племя водзь, у 1069 разбіты пад Ноўгарадам. У 1071 вярнуў княжанне ў Полацку. Пабудаваў Полацкі Сафійскі сабор. К 1078 захапіў часова Смаленск. За рашучасць, розум і энергію празваны Чарадзеем. Адзін з герояў «Слова аб паходзе Ігаравым», упамінаецца ў былінах кіеўскага цыкла. Меў сыноў Барыса (Рагвалода), Давыда, Глеба, Расціслава, Рамана, Святаслава.
Літ.:
Леонардов Д.С. Полоцкий князь Всеслав и его время // Полоцко-Витебская старина. Витебск, 1912. Вып. 2;
1916. Вып. 3;
Рыбаков Б.А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. М., 1963;
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Тарасаў С.В. Чарадзей з сёмага веку Траяна: Усяслаў Полацкі. Мн., 1991.
Г.В.Штыхаў.
Усяслаў Брачыславіч. Фрагмент мініяцюры Радзівілаўскага летапісу 15 ст.